Медыцына ў Латвіі бывае платнай і ўмоўна бясплатнай. На ўмоўна бясплатную медыцынскую дапамогу могуць разлічваць грамадзяне Латвіі, людзі з пастаянным відам на жыхарства, а таксама тыя, у каго ёсць часовы від на жыхарства і афіцыйная праца або дзіця ва ўзросце да сямі гадоў.
Платны прыём у паліклініцы звычайна каштуе ад 40 да 70 еўра, умоўна бясплатны — 4 еўра (пацыенцкі ўзнос). Візіт да стаматолага для дарослых умоўна бясплатным не бывае, але можна зэканоміць, калі запісацца да студэнтаў. Дзецям да 18 гадоў паслугі стаматолага аплачвае дзяржава, калі іх аказвае клініка з адпаведнай дамовай.
Каб паўнавартасна карыстацца медыцынскімі паслугамі, трэба зарэгістравацца ў сямейнага лекара. Каб даведацца, у якіх сямейных лекараў вы можаце зарэгістравацца, трэба патэлефанаваць у Нацыянальную службу здароўя па нумары 80001234, назваць свой адрас і атрымаць імёны лекараў і адрасы, дзе яны прымаюць. Сістэма перыядычна змяняецца, таму ўдакладняйце, ці дастаткова проста патэлефанаваць лекару і папрасіць зарэгістраваць вас, ці трэба зрабіць нешта яшчэ.
У той час, калі ваш сямейны лекар не вядзе прыём, можна звярнуцца да дзяжурнага лекара. Поўны спіс дзяжурных лекараў з месцам і часам працы ёсць тут.
Таксама па-за працоўным часам вашага і/або дзяжурных сямейных лекараў можна звяртацца па кансультацыю па нумары 66016001.
У хуткую дапамогу можна звяртацца па нумары 113 або 112 (адзіны нумар службы выратавання, дзе вас могуць перанакіраваць да патрэбных спецыялістаў).
Хуткая дапамога ў Латвіі бясплатная, калі выклік лічыцца абгрунтаваным, і гэта значыць яна не абавязана бясплатна выязджаць на ўсе просьбы. Калі дыспетчар настойвае, што брыгада вам не патрэбная, а вы ўсё ж патрабуеце, каб медыкі прыехалі, за такі выезд давядзецца заплаціць 91,52 еўра. У любым выпадку не бойцеся патэлефанаваць медыкам і ўдакладніць, ці накіруюць да вас брыгаду хуткай дапамогі або трэба самастойна звярнуцца ў паліклініку.
Калі вам трэба трапіць да вузкага спецыяліста і вы не хочаце пры гэтым плаціць некалькі дзясяткаў еўра, трэба ўзяць накіраванне ў сямейнага лекара (візіт да сямейнага каштуе 2 еўра, але пра многае часта можна дамовіцца бясплатна проста па тэлефоне). Накіраванне не патрэбнае для візіту да гінеколага, афтальмолага і стаматолага.
Умоўна бясплатнага візіту часам даводзіцца доўга чакаць. Але да вузкіх спецыялістаў можна ісці ў любую клініку, і нават неабавязкова рабіць гэта ў тым горадзе, дзе вы жывяце. Запісацца да лекара можна, напрыклад, тут або тут (правярайце абодва сайты, спісы клінік на іх не ідэнтычныя). Калі бліжэйшы запіс даступны толькі праз некалькі тыдняў або месяцаў, запісвайцеся на бліжэйшую даступную дату і пастаўце галачку насупраць пункта «паведаміць мне пра больш раннія даступныя запісы». Часта бывае, што з'яўляюцца новыя «вакенцы», і тады вам прыйдзе адпаведны ліст на электронную пошту.
Калі ў вас сімптомы каранавіруса або грыпу, не ідзіце адразу да лекара, а спачатку набудзьце ў аптэцы тэст, праверцеся дома і толькі пасля гэтага патэлефануйце сямейнаму лекару і паведаміце не толькі пра сімптомы, але і пра вынік тэсту.
Папяровыя рэцэпты на лекі, як правіла, лекары не выдаюць. Інфармацыя пра вашы рэцэпты ёсць у анлайн-сістэме, і ў аптэцы вам трэба прад'явіць ID-карту. Дарэчы, па рэцэптах у Латвіі прадаюцца практычна ўсе лекі, і пры неабходнасці іх могуць даставіць на дом.
Выкарыстоўваць электронныя рэцэпты, выдадзеныя ў Латвіі, можна і ў некаторых іншых краінах. Адпаведныя дамовы падпісаныя з Кіпрам, Чэхіяй, Эстоніяй, Францыяй, Харватыяй, Мальтай, Нідэрландамі, Партугаліяй, Фінляндыяй, Грэцыяй і Іспаніяй.
Калі вы хочаце, каб іншы чалавек таксама мог купляць для вас рэцэптурныя прэпараты, трэба аформіць адпаведны дазвол на eveseliba.gov.lv. Гэта зойме літаральна некалькі хвілін — з дапамогай персанальнага кода ўвайдзіце ў свой акаўнт на сайце і ў раздзеле Personas dati (Асабістыя звесткі) адкрыйце падраздзел Tiesību deleģējumi (Дэлегаванне правоў).
Там можна дэлегаваць доступ да:
электронных рэцэптаў;
электронных лісткоў непрацаздольнасці;
электронных накіраванняў да лекараў/на абследаванні;
выпісак з бальніц;
вынікаў абследаванняў;
іншых медыцынскіх даных, даступных вам у E-veselība.
Калі працадаўца аформіў вам медстрахоўку або вы набылі яе самастойна, у залежнасці ад умоў канкрэтнага поліса яна можа цалкам або часткова пакрываць візіты да вузкіх спецыялістаў. Некаторыя страхоўкі часткова пакрываюць стаматалагічнае лячэнне, медыцынскую рэабілітацыю, выдаткі на лекі і спорт.
Бясплатны кругласутачны тэлефон псіхалагічнай дапамогі 116123 — на латышскай, рускай і англійскай мовах.
Тэрапія для людзей, якія жывуць з ВІЧ
Людзі з ВІЧ могуць атрымліваць неабходную дыягностыку і антырэтравірусную тэрапію за кошт дзяржавы, нават калі яны яшчэ не зарэгістраваныя ў Нацыянальнай службе аховы здароўя (NVD).
Калі ў вас дыягнаставаны ВІЧ, звярніцеся ў Латвійскі цэнтр інфекталогіі (Latvijas Infektoloģijas centrs) у Рызе: Linezera iela 3. Для звароту з нагоды ВІЧ не патрэбныя рэгістрацыя ў NVD або накіраванне ад сямейнага лекара.
Калі вы ўжо прымаеце лячэнне ад ВІЧ у іншай краіне, звярніцеся ў цэнтр як мага хутчэй, каб арганізаваць працяг тэрапіі ў Латвіі.
За дадатковай падтрымкай можна звярнуцца ў AGIHAS — арганізацыю, якая дапамагае людзям, якія жывуць з ВІЧ: +371 2 0087008, agihas.lv@inbox.lv. У арганізацыі таксама ёсць група падтрымкі.

