Махляры часта выдаюць сябе за супрацоўнікаў банкаў, паліцыі, дзяржаўных устаноў, кур’ерскіх службаў або знаёмых. Іх мэта — атрымаць вашыя асабістыя даныя, доступ да банкаўскага рахунку або прымусіць вас перавесці грошы.

Распаўсюджаныя схемы махлярства ў Латвіі

«Вам тэлефануюць з банка»

Махляр прадстаўляецца супрацоўнікам банка і кажа, што на вашым рахунку заўважаная падазроная аперацыя. Ён просіць пацвердзіць асобу праз Smart-ID, назваць код або перавесці грошы на «бяспечны рахунак».
Што рабіць: скончыце размову і самі патэлефануйце ў банк па афіцыйным нумары. Ніколі не пацвярджайце Smart-ID-запыты, якія вы не ініцыявалі самі.

«Вам даслалі ліст ад дзяржаўнай установы»

Махляры могуць прадстаўляцца супрацоўнікамі дзяржаўных органаў або кур’ерамі. Напрыклад, яны кажуць, што да вас ідзе важны ліст ад дзяржаўнай установы, і просяць персанальны код, банкаўскія дадзеныя або пацверджанне праз Smart-ID.
Што рабіць: скончыць размову, не перадаваць аніякіх звестак. Калі гэта перапіска, не пераходзіць па спасылках. Дзяржаўныя ўстановы не просяць паведамляць коды доступу або банкаўскія дадзеныя па тэлефоне.

«Праблема з пасылкай»

Вам прыходзіць SMS або паведамленне нібыта ад Omniva, DPD або іншай службы дастаўкі: трэба «даплаціць за пасылку» або «пацвердзіць адрас» па спасылцы. Спасылка вядзе на фальшывы сайт, дзе спрабуюць атрымаць даныя карты або інтэрнэт-банка.
Што рабіць: не пераходзьце па спасылках з нечаканых паведамленняў. Правярайце інфармацыю толькі ў афіцыйным дадатку або на сайце службы дастаўкі.

«Выгадныя інвестыцыі»

Вам прапануюць укласці грошы ў крыптавалюты, акцыі або іншыя «бяспечныя» інвестыцыі з гарантаваным прыбыткам. Часта пасля гэтага просяць усталяваць праграму аддаленага доступу да камп’ютара або тэлефона.
Што рабіць: не перадавайце доступ да сваіх прылад і не ўкладвайце грошы праз незнаёмых людзей.

«Фальшывы пакупнік на сайтах аб’яў»

Пры продажы рэчаў на ss.com, Facebook Marketplace або іншых пляцоўках вам могуць напісаць, што гатовы набыць тавар, і даслаць спасылку для «атрымання аплаты» або «афармлення дастаўкі». На самой справе гэта спосаб атрымаць даныя вашай карты.
Што рабіць: не пераходзьце па спасылцы. Для атрымання грошай не трэба ўводзіць даныя карты на старонках, дасланых пакупнікамі.

Як уберагчыся ад махляроў

Галоўнае правіла: калі вас спяшаюць, палохаюць або просяць паведаміць код з Smart-ID, SMS ці eParaksts — спыніце размову і праверце інфармацыю самастойна. Другое галоўнае правіла: аніякая дзяржаўная ўстанова Латвіі не будзе ініцыяваць размову на рускай мове. Яны могуць перайсці на рускую ўслед за вамі, але самі заўжды пачынаюць званок па-латышску.

Ніколі нікому не паведамляйце па тэлефоне ці ў перапісцы:

даныя банкаўскай карты (нумар карты, тэрмін дзеяння, CVV-код);

паролі для інтэрнэт-банка;

коды пацвярджэння з SMS, Smart-ID або eParaksts mobile;

даныя для ўваходу ў дзяржаўныя сэрвісы.

Сапраўдныя супрацоўнікі банкаў і дзяржаўных устаноў ніколі не просяць паведамляць гэтыя коды па тэлефоне або ў паведамленнях.

Калі вы ўсё ж паведамілі звесткі:

неадкладна звяжыцеся з банкам і папрасіце заблакіраваць аперацыі або карту;

змяніце паролі;

калі вы ўсталявалі праграму аддаленага доступу — выдаліце яе і праверце прыладу;

паведаміце пра інцыдэнт у паліцыю.