У Рызе ёсць некалькі відаў грамадскага транспарту — аўтобусы, трамваі і тралейбусы. Да восені 2022 года былі таксама маршруткі, але ад іх вырашылі адмовіцца.
Білет на паўтары гадзіны (неабмежаваная колькасць паездак на працягу гэтага часу) каштуе 1,50 еўра. Больш падрабязна пра віды білетаў можна прачытаць на сайце rigassatiksme.lv. Там жа ёсць расклад усіх відаў гарадскога транспарту. Гэты расклад, дарэчы, сінхранізаваны з сэрвісам Google Maps, таму з яго дапамогай можна лёгка пракласці маршрут з пункта А ў пункт Б.
Заплаціць за праезд можна, набыўшы талон (eTalons) у касе супермаркета, кіёску Narvesen або ў білетным аўтамаце, а таксама праз праграмы Mobilly або Rīgas Satiksme, Квіток трэба рэгістраваць, і зрабіць гэта можна, адсканаваўшы QR-код у салоне транспартнага сродку альбо прыклаўшы фізічны квіток да валідатара.
Летам 2025 года ў Рызе запусцілі пілотны праект адзінага білета. Такі білет каштуе 2 еўра і таксама дзейнічае паўтары гадзіны. З ім можна ездзіць як у грамадскім транспарце (аўтобусах, тралейбусах і трамваях), так і ў цягніках Vivi ва ўсіх зонах. Набыць яго можна ў праграме ViVi Latvija.
Таксі ў Рызе можна выклікаць праз праграму Bolt на смартфоне (гэта найбольш бюджэтны варыянт), але ёсць і класічныя службы:
RedCab +371 8383
Smile Taxi +371 22 330 330
Baltic Taxi +371 20 008 500
PANDA Taxi +371 27 238 880
Таксама ў Рызе папулярныя сэрвісы пракату электрасамакатаў, скутэраў і ровараў.
У горадзе працуюць і сэрвісы каршэрынгу:
Carguru (ад 13 цэнтаў/хвіліна)
CityBee (ад 12 цэнтаў/хвіліна)
Папулярны таксама BoltDrive, а каля аэрапорта ёсць вялікая стаянка гэтых аўтамабіляў.
Паміж гарадамі Латвіі ходзяць цягнікі і аўтобусы. Іх расклад можна паглядзець тут. Акрамя гэтага, паглядзець расклад і набыць квіткі можна ў прылажэнні Mobilly (калі ў вас ёсць банкаўская карта, якую можна да яго прывязаць).
Набываць квіток на цягнік праз інтэрнэт крыху танней, чым у касе. А вось з міжгароднімі аўтобусамі наадварот — ісці ў касу можа быць больш выгадна.
Квіткі на аўтобус трэба проста паказваць кіроўцу, а квіткі на цягнік - рэгістраваць. Зрабіць гэта можна, прыклаўшы QR-код да валідатара ў тамбуры, а калі вы набывалі яго праз прылажэнні Mobilly ці Vivi Latvija, дык зарэгістраваць можна ў самім прылажэнні.
Аўтастаянкі
У Рызе вельмі шмат платных аўтастаянак, і парушаць правілы, звязаныя з паркоўкай і стаянкай, тут, мякка кажучы, не прынята. За аўтамабілямі сочаць супрацоўнікі адпаведных службаў, а таксама добра працуе сістэма самарэгулявання — гараджане самі паведамляюць уладам, калі бачаць, што нехта прыпаркаваўся ў забароненым месцы.
Платныя стаянкі бываюць муніцыпальныя і прыватныя. Аплачваць стаянку можна праз спецыяльны паркавальны аўтамат або з дапамогай праграмы Mobilly.
Дарэчы, у святочныя дні ўсе муніцыпальныя стаянкі становяцца бясплатнымі.
Калі вы арандуеце жыллё, абавязкова ўдакладняйце, якія ўмовы паркоўкі дзейнічаюць каля дома. Верагодна, вы зможаце бясплатна паркавацца каля пад'езда або арандаваць месца для аўтамабіля за 20–50 еўра ў месяц.
Правы кіроўцы
Пасведчанне кіроўцы, выдадзенае па-за межамі ЕС, сапраўднае ў Латвіі на працягу аднаго года, але ў 2026 годзе парламент пачаў працу над папраўкамі, якія могуць скараціць гэты тэрмін да 6 месяцаў.
Да заканчэння перыяду, прадугледжанага законам, пасведчанне трэба замяніць: для гэтага неабходна падаць адпаведную заяву ў CSDD і здаць практычны экзамен.
Перад рэгістрацыяй на экзамен трэба звярнуцца ў CSDD, каб там праверылі вашае пасведчанне. Калі факт яго выдачы і сапраўднасць немагчыма праверыць анлайн, CSDD накіроўвае запыт у адпаведную кампетэнтную ўстанову замежнай дзяржавы, каб атрымаць падрабязную інфармацыю пра пасведчанне кіроўцы і магчымасць яго абмену.
Такое пацвярджэнне (даведку з пасольства або непасрэдна з ДАІ) у CSDD можа падаць і сам чалавек, які хоча абмяняць пасведчанне. У такім выпадку, з улікам устаноўленага ў Латвіі парадку абарачэння міжнародных дакументаў, яно павінна быць легалізаванае або пацверджанае апастылем.
Калі вы аформілі даверанасць на кагосьці ў Беларусі, гэты чалавек можа звязацца з ДАІ і ўдакладніць, ці пагодзяцца там выдаць даведку па гэтай даверанасці. Майце на ўвазе, што атрыманне даведкі праз амбасаду можа зацягнуцца на нявызначаны тэрмін.
ВАЖНА! Калі вы маеце статус бежанца, CSDD не мае права патрабаваць ад вас дакументаў, для атрымання якіх вам трэба звяртацца ў амбасаду краіны паходжання. Калі супрацоўнік аказваецца некампетэнтным, папрасіце паклікаць кагосьці з кіраўніцтва. Ніхто не можа прымусіць вас звяртацца ў пасольства, калі вы бежанец або бежанка.
Практычны экзамен не заўсёды здаюць з першага разу. Каб павялічыць шанцы на поспех, вазьміце некалькі ўрокаў у мясцовага інструктара. Нават калі ў вас вялікі вадзіцельскі стаж, не пашкодзіць патрэніравацца з чалавекам, які ведае ўсе мясцовыя асаблівасці.

