Рыга — горад каля мора, і з цэнтра горада вы можаце за паўгадзіны дабрацца да пляжу Вецакі або аднаго з пляжаў Юрмалы. Квіток у адзін бок будзе каштаваць ад паўтара да двух з паловай еўра.

Рыжане часта размаўляюць на 2–3 мовах — латышскай, рускай, англійскай. Гэта дапаможа вам на першым этапе адаптацыі, але раім як мага хутчэй пачаць вучыць латышскую, каб спрасціць сабе жыццё, а асабліва — камунікацыю з дзяржаўнымі ўстановамі.

Жыццё тут ідзе павольна і спакойна. Мясцовыя любяць адпачынак на прыродзе, таму летам у выходныя дні на вуліцах Рыгі асабліва мала людзей.

Раварыстаў на вуліцах шмат, але з умовамі для іх усё складана, асабліва на старых вузкіх вулачках. Майце на ўвазе, што з роварамі давядзецца дзяліць тратуары, ды і дастаўшчыкі ежы на міні-скутэрах таксама звычайна едуць па пешаходнай зоне.

Даўгава дзеліць Рыгу на дзве часткі. Выбіраючы месца для жыцця, не забывайцеся і пра гэты аспект. Калі праца знаходзіцца на адным беразе Даугавы, а дом і школа — на другім, трэба ўлічваць, што пры пад'ездзе да мастоў бываюць заторы.