Самыя папулярныя сайты для пошуку працы ў Латвіі — ss.lv і cv.lv. Добра працуе так званае сарафаннае радыё, таму, калі ў вас тут ужо ёсць знаёмыя, не саромейцеся расказваць ім, якую працу вы шукаеце і што ўмееце рабіць.

Таксама можна шукаць працу ў тэматычных групах у Facebook:

Работа в Латвии: актуальные вакансии!
Подработка в Латвии
РАБОТА РИГА \ ПОДРАБОТКА РИГА / Dārbs RIGA
Работа в Риге / Darbs Rīgā
Вакансии (Рига)

У вакансіі мусяць быць указаныя назва кампаніі і заробак да вылічэння падаткаў, а таксама не павінна быць абмежаванняў па гендары, узросце, наяўнасці дзяцей і іншых фактарах, якія не звязаныя з вашай кваліфікацыяй.

У многіх выпадках для працаўладкавання патрабуецца веданне латышскай мовы на ўзроўні не ніжэй за А2, але ў сферы IT, на заводах і ў некаторых іншых выпадках гэта можа не патрабавацца. Аднак калі ваша праца прадугледжвае зносіны з мясцовымі кліентамі, без ведання латышскай не абысціся.

Звычайна на падаткі сыходзіць каля траціны пазначанага ў вакансіі заробку, але каб падлічыць дакладней, можна скарыстацца калькулятарам заробку. У 2026 годзе мінімальны заробак у Латвіі — 780 еўра (брута).

Каб вашы падаткі былі ніжэйшыя, падайце працадаўцу падатковую кніжку. У Латвіі яна электронная, і каб падаць яе працадаўцу, вам трэба аўтарызавацца ў сістэме электроннага дэкларавання Службы дзяржаўных даходаў (EDS VID), выбраць раздзел «Падатковая кніжка» (Nodokļu grāmatiņa), прывязаць яе да патрэбнага прадпрыемства і пазначыць працадаўцу.

Пра магчымасці кар'ернага росту, якія прапануе дзяржава, можна прачытаць тут.