Найбольш папулярны сайт для пошуку жылля ў Латвіі — ss.lv. У наладах пошуку можна выбраць патрэбны горад, раён, цану і колькасць пакояў. Таксама арэндадаўцы размяшчаюць аб’явы ў Facebook:

Marketplace
Аренда квартиры в Риге
Снять/сдать квартиру в Риге без посредников

Пры арэндзе кватэры абавязкова заключайце дамову. Арэндную плату ў Латвіі звычайна пералічваюць на рахунак уласніка ці ўласніцы, і калі гаспадары настойваюць на тым, каб вы плацілі наяўнымі, гэта трывожны званочак. Перш чым падпісаць дамову, абавязкова паглядзіце, наколькі вялікімі былі камунальныя плацяжы летам і ў самы халодны месяц мінулага ацяпляльнага сезона. Калі гаспадары шукаюць нагоду не паказваць старыя рахункі — гэта вельмі трывожны званочак.

Не мае значэння, якія рахункі за кватэру такой жа плошчы ў іншым раёне Рыгі атрымліваюць вашы сябры. Нават у суседніх дамах камунальныя плацяжы могуць вельмі адрознівацца, таму чужы досвед вам нічым не дапаможа — хіба што гэта досвед папярэдніх жыхароў гэтай самай кватэры.

Калі ў аб'яве пра здачу кватэры ў старым доме вы не бачыце фота прыбіральні, значыць, хутчэй за ўсё, яна знаходзіцца на лесвічнай пляцоўцы, і вам давядзецца дзяліць яе з суседзямі з іншай кватэры. Душавыя кабіны ў такіх дамах могуць размяшчацца ў самых нечаканых месцах, але часцей за ўсё — на кухні. Гаворка пра дамы, якія будаваліся яшчэ без санвузлоў. Іх не тое каб вельмі шмат, але яны ёсць.

Самыя густанаселеныя раёны Рыгі — Пурвцыемс і Плявніекі. Горшая за ўсё рэпутацыя ў раёнаў Болдэрая, Маскачка (Латгальскае прадмесце) і Саркандаўгава.

На першым паверсе, асабліва ў старых дамах, звычайна холадна ўзімку.

Найбуйнейшае прадпрыемства, якое абслугоўвае жылы фонд Рыгі, — муніцыпальны Rīgas namu pārvaldnieks. Астатнія дамы абслугоўваюць прыватныя прадпрыемствы альбо арганізацыі, створаныя жыхарамі.

Акрамя таго, кожны задэклараваны ў Рызе чалавек мае права хадайнічаць аб атрыманні жыллёвай дапамогі для пакрыцця арэнднай платы, платы за кіраванне домам і іншых камунальных плацяжоў, калі пасля гэтых выдаткаў у яго застаецца менш за ўстаноўленую дзяржавай суму на аднаго чалавека. У залежнасці ад таго, ці ёсць у сям'і дзеці, пенсіянеры або людзі з інваліднасцю, гэтая сума можа адрознівацца. На дапамогу могуць прэтэндаваць сем’і, якім належыць не больш за адзін аб'ект нерухомасці і не больш за адзін аўтамабіль.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 80005055 (Рыжская дума) і на сайце Міністэрства дабрабыту.