І дзіцячыя садкі, і школы ў Латвіі бываюць дзяржаўныя і прыватныя. Чэргі ў муніцыпальныя садкі звычайна вельмі доўгія, і дзяцей у іх запісваюць літаральна адразу пасля нараджэння. Адпаведна, калі вам трэба ўладкаваць дзіця ў садок вось цяпер, гэты варыянт з практычна 100%-най верагоднасцю адпадае. Прыватныя садкі могуць каштаваць некалькі сотняў еўра ў месяц, а ў муніцыпальных бацькі плацяць толькі за харчаванне — каля 2 еўра ў дзень. Але з улікам таго, што ў Рызе і іншых гарадах не хапае месцаў у муніцыпальных садках, вы можаце атрымаць кампенсацыю за прыватны садок або дапамогу, якая часткова кампенсуе аплату паслуг няні.

Муніцыпальнае суфінансаванне прыватнага дзіцячага садка для дзіцяці ва ўзросце ад 1,5 да 4 гадоў складае 501,91 еўра ў месяц, а для дзіцяці 5–6 гадоў — 351,98 еўра ў месяц. Суфінансаванне на аплату паслуг няні — 261,57 еўра ў месяц.

Зарэгістравацца ў спісе чакання, каб трапіць у муніцыпальны садок, можна на партале latvija.lv.

Спіс прыватных дзіцячых садкоў у Рызе, якія атрымліваюць муніцыпальнае суфінансаванне, — тут. А вось тут — спіс рыжскіх школ і гімназій.

У школу ў Латвіі ідуць з 6 або 7 гадоў, але перавага аддаецца сямігадовым дзецям. Бацькі не абавязаныя выбіраць школу, зыходзячы з месца жыхарства, але трэба ўлічваць, што ў выпадку недахопу месцаў прыярытэт будзе аддавацца тым, хто жыве ў мікрараёне, замацаваным за той ці іншай школай.

Пасля заканчэння 9-га класа дзіцяці не гарантуецца месца ў сярэдняй школе. Улетку, пасля атрымання вынікаў экзаменаў, праз latvija.lv пачынаецца працэс паступлення ў 10-я класы агульнаадукацыйных школ або тэхнікумы. Вучыцца ў тэхнікуме ў Латвіі — гэта не «ганебна». Тут ёсць добрая прафесійная адукацыя, да таго ж і пасля тэхнікума можна паспяхова паступіць ва ўніверсітэт.

Уся камунікацыя школы з бацькамі і вучнямі ажыццяўляецца праз платформу E-klase.