Рахунак у банку

Набярыцеся цярпення — з адкрыццём рахунку ўсё складана. Зрэшты, калі вы атрымаеце статус бежанца і, адпаведна, пастаянны від на жыхарства, вялікіх праблем узнікнуць не павінна. У астатніх выпадках — спачуваем і суперажываем.

Адкрыць рахунак, калі ў вас на руках толькі віза, нельга. Калі вы атрымалі часовы від на жыхарства, паспрабуйце звярнуцца ў адзін з найбуйнейшых банкаў:

Swedbank. За тое, што банк разгледзіць вашы дакументы для адкрыцця рахунку, давядзецца заплаціць 300 еўра.

Citadele banka. Кошт разгляду дакументаў — 100 еўра. Больш падрабязна пра працэдуру можна даведацца тут.

SEB Bank. Як і ў іншых банках, за разгляд дакументаў для адкрыцця рахунку тут давядзецца заплаціць. SEB бярэ за гэтую паслугу 250 еўра.

Luminor Bank Latvia. Праверка дакументаў каштуе 200 еўра, падрабязнасці пра адкрыццё рахунку можна даведацца тут.

Дарэчы, плата за разгляд дакументаў нічога не гарантуе. Працэс падобны да падачы на візу — спачатку аплата, потым разгляд, а ў выпадку адмовы грошы не вяртаюцца.

Калі вы (пакуль што) не можаце адкрыць рахунак у мясцовым банку, не адчайвайцеся, бо ёсць альтэрнатывы, хоць і не зусім паўнавартасныя.

Па-першае, рахунак, на які вы зможаце атрымліваць грошы, можна адкрыць у любым аддзяленні пошты. Праверка дакументаў у залежнасці ад сітуацыі абыдзецца ад 100 да 200 еўра.

Па-другое, можна адкрыць рахунак у плацёжных сістэмах Wise або Revolut (падрабязнасці глядзіце па спасылках). Галоўнае адрозненне рахункаў у гэтых сістэмах — вы не зможаце папаўняць іх наяўнымі. Але калі карта патрэбная вам для таго, каб атрымліваць плацяжы з іншых рахункаў, гэта ідэальны варыянт. І памятайце: калі ў вас беларускі пашпарт, вам трэба будзе прад'явіць від на жыхарства або нацыянальную візу Латвіі.

Тут даступная карта крытычна важных банкаматаў — у надзвычайнай сітуацыі іх у першую чаргу будуць забяспечваць наяўнымі. Таксама створаная сістэма, якая дазволіць у выпадку надзвычайнай сітуацыі і адсутнасці інтэрнэту набываць у крамах тавары першай неабходнасці на суму да 200 еўра. Для гэтага карту давядзецца ўставіць у тэрмінал — бескантактавая аплата працаваць не будзе.

Падатковая дэкларацыя

1 сакавіка пачынаецца падача штогадовых дэкларацый пры даходы. Але не спяшайцеся перагружаць сістэму і рабіць гэта менавіта ў першыя дні сакавіка. Падаць дэкларацыю можна да 1 чэрвеня.

Абавязкова падаваць дэкларацыю, калі:

— у мінулым годзе вы займаліся гаспадарчай дзейнасцю (напрыклад, у вас ёсць індывідуальнае прадпрыемства, вы самазанятая асоба, атрымлівалі аўтарскія ганарары або здавалі сваю маёмасць);

— атрымлівалі даход у іншых краінах;

— атрымлівалі даход, які не абкладаецца падаткам, але яго агульная сума перавысіла 10 000 еўра (напрыклад, прадаючы асабістыя рэчы).

Калі гадавы даход перавысіў 105 300 еўра, дэкларацыя падаецца з 1 красавіка да 1 ліпеня.

Калі вы працуеце па працоўнай дамове і працадаўца плаціць за вас усе падаткі, падача дэкларацыі для вас не з'яўляецца абавязковай. Але вы можаце падаць дэкларацыю, каб вярнуць частку падаходнага падатку за апраўданыя выдаткі, далучыўшы чэкі і квітанцыі.

Да апраўданых выдаткаў адносяцца: медыцынскія паслугі, вышэйшая адукацыя, павышэнне кваліфікацыі, дзіцячыя гурткі і ахвяраванні (калі арганізацыя, якой вы ахвяравалі, мае статус арганізацыі, што працуе на грамадскае дабро — sabiedriskā labuma organizācija), у тым ліку палітычным партыям.

Чэкі за медыцыну, адукацыю і гурткі можна падаваць таксама на іншых членаў сям'і, у тым ліку на бацькоў, непаўнагадовых братоў і сясцёр і г. д. За кожнага члена сям'і можна задэклараваць выдаткі да 600 еўра і атрымаць назад 25,5%, або 153 еўра. Калі гадавая сума выдаткаў перавышае 600 еўра на чалавека, усё роўна дадавайце гэтыя чэкі, бо сума, якую дзяржава не выплаціла ў гэтым годзе, пераносіцца на наступныя 3 гады. Аднак задэклараваная сума не можа быць большай за падаходны падатак, выплачаны вамі (або за вас) у адпаведным годзе.

Асобным радком выдаткаў, якія можна пазначыць у гадавой дэкларацыі, ідуць узносы ў прыватныя пенсійныя фонды і страхаванне жыцця з назапашваннем — у памеры да 10% ад гадавога даходу, але не больш за 4000 еўра ў год.

Важна! Вы можаце падаць дэкларацыю не толькі за мінулы год, але і за 2 папярэднія, а таксама ўнесці папраўкі ва ўжо пададзеныя дэкларацыі за апошнія 3 гады (напрыклад, калі знайшоўся згублены чэк за наведванне стаматолага).

Чэкі зручней за ўсё захоўваць у мабільнай праграме Mans VID (Google Play або App Store). Яны аўтаматычна дададуцца ў ваш профіль EDS — Elektroniskā deklarēšanas sistēma (з гэтай сістэмай вы ўжо знаёмыя, калі для атрымання падатковых ільгот афармлялі электронную падатковую кніжку). Але можна дадаваць чэкі і непасрэдна ў EDS.

Падача гадавой дэкларацыі — працэс нескладаны, бо ўсе вашы легальныя даходы ўжо ёсць у сістэме і, адпаведна, у дэкларацыі. Трэба толькі дадаць файлы з чэкамі і квітанцыямі, а таксама, калі ёсць, даходы, не ўлічаныя сістэмай.

Да свайго профілю EDS (ён існуе па змаўчанні) можна падключыцца любым даступным вам спосабам — праз інтэрнэт-банк, eID або eParaksts.